Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

26.09.2022

 З 19 па 24 верасня ў школе прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Напярэдадні правядзення тыдня была праведзена папярэдняя падрыхтоўка, адбор матэрыялу для выкарыстання ў рамках тыдня, падрыхтоўка  сцэнарыяў, нагляднага матэрыялу, прэзентацый, раздатачнага матэрыялу, падбор відэазапісаў.

Асноўнымі задачамi правядзення тыдня беларускай мовы і літаратуры з’яўляліся:

  • павышэнне цiкавасцi вучняў да прадметаў “Беларуская мова” i “Беларуская лiтаратура”, а таксама да нацыянальных традыцый і звычаяў;
  • папулярызацыя беларускай мовы;
  • развiццё крэатыўных якасцей вучняў
  • развiццё i павышэнне творчага патэнцыялу педагагiчнага калектыву;
  • развiццё індывідуальных здольнасцей адораных вучняў
  • далучэнне да лепшых узораў сучаснай беларускай музычнай творчасці;
  • знаёмства з творчасцю пісьменнікаў-землякоў;
  • папулярызацыя здабыткаў беларускай культуры;
  • ушанаванне юбілейных дат;
  • выхаванне грамадзянскіх і патрыятычных якасцей вучняў праз уключэнне іх у сумесную дзейнасць, накіраваную на ўшанаванне асноў беларускай дзяржаўнасці.

Тыдзень беларускай мовы i лiтаратуры праходзiў у адпаведнасцi з планам.

На падрыхтоўчым этапе было азначана кола мерапрыемстваў, а таксама прызначаны настаўнікі i вучні, адказныя за iх арганiзацыю i правядзенне.

Трэба адзначыць, што для правядзення тыдня была распрацавана праграма мерапрыемстваў, якая была размешчана ў файе школы і на першым паверсе для вучняў і бацькоў. Таму ўсе жадаючыя маглі наведаць тыя мерапрыемствы, якія палічылі для сябе больш змястоўнымі.

 У панядзелак адбылося адкрыццё Тыдня беларускай мовы і літаратуры, дзе вучні пазнаёміліся з планам мерапрыемстваў.

Кожны дзень меў назву-цытату класікаў беларускай літаратуры.

У гэты дзень пачало працаваць інтэрактыўнае воблака слоў “Гэта дзівоснае роднае слова”, а таксама лінгвістычная латарэя “Перакладзі слова- атрымай цукерку.”

 

На другі дзень вучні старэйшых класаў разам з настаўнікамі арганізавалі відэапрагляд - перапынкі “Натхненыя бацькаўшчынай”, дзе дзеці 1-9 класаў змаглі пазнаёміцца з беларускімі культурнымі дзеячамі: Міхаілам Савіцкім- мастаком і пісьменнікам- мастаком Івацэвіччыны- Анатолем Галушкам . Працягнуўся дзень  віктарынай “Шляхамі Я. Коласа”.

Флаер-фэст, які распачаў сераду, меў мэтай прыблізіць дзяцей да прыроды баларускага края. Вершаваныя радкі зачытваліся ўслых. У творчай майстэрні ўдзельнічалі ўсе жадаючыя зрабіць закладку  ў нацыянальным стылі, каб потым падараваць яе вучням пачатковай школы ў якасці прыза за адказы ў конкурсах. Напрыканцы дня вучні 5-9 класаў чыталі вершы пісьменніка-юбіляра Максіма Танка.

  Чацвер быў самым насычаным на мерапрыемствы: пачала працаваць выстава дзіцячай творчасці, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа “Пад небам сінім”, вучні 7 і 8 класаў правялі інтэлектуальны бой “Па старонках беларускіх казак” сярод 1-4 класаў і падаравалі вершаваныя закладкі.

На ўсіх перапынках гучалі беларускія песні, пад якія вучні змаглі не толькі падпяваць, але і станцаваць. Настаўнікі 1-3 класаў таксама правялі розныя мерапрыемствы: гульні, пазнавальныя віктарыны, конкурсы для юных знаўцаў беларускай мовы.

Дзень быў сапраўды насычаны і запамінальны.

 На працягу тыдня вучні рыхтавалі паштоўкі-пажаданні роднай мове, якія змаглі прэзентаваць у пятніцу.  Пачатковыя класы таксама далучыліся да мерапрыемстваў і прапанавалі тэатралізаваную забаву “Як курачка пеўня ратавала”, правялі конкурс чытачоў, гульню “ Беларускі кракадзіл”. Вучні 5-9 класаў прынялі ўдзел у літаратурнай гасцёўне “Сэрцам роднага слова краніся” , да якога вучні і настаўнікі падрыхтавалі павучальны матэрыял, накіраваны на развіццё інтэлекту і творчасці, дзе паказалі сябе знаўцамі мовы, культуры, беларускіх традыцый і гаспадарамі.

Закрыццё тыдня адбылося ў суботу падчас правядзення гадзіны-роздуму “Без чалавечнасці не будзе вечнасці”, мэтай якой было выхаванне міласэрнасці, гуманнасці, чалавечнасці. Вучні асэнсоўвалі значэнне мінулага, аналізавалі сучаснасць, прагназавалі будучыню, рабілі вывады, стваралі дрэва вечнасці.

 Каб зацікавіць вучняў і выклікаць жаданне прыняць удзел у Тыдні, у гэты ж дзень у школьнай бібліятэцы была арганізавана акцыя “Навіны бібліятэкі” і кніжная выстава “Пісьменнікі-юбіляры”.

 Тыдзень атрымаўся павучальным, змястоўным і цікавым.

Кот Т.В.